- Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў Акт аб дэмакратыі для Беларусі. Акт увайшоў у закон пра федэральны бюджэт ЗША на наступны год, паведаміў намеснік прэс-сакратар Белага дома Джад Дзір. Сярод іншага дакумент заклікае да новых выбараў, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, а таксама прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады.
- Менскія пенсіянеры выйшлі на традыцыйны Марш мудрасці. Удзельнікі акцый патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і спынення гвалту ў краіне.
- Еўрапейскі саюз гатовы цалкам спыніць супрацу з беларускім рэжымам. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу Белсат заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль. Дыпламат заявіў, што ЕС плануе падпісаць з новымі ўладамі Беларусі шэраг узаемавыгадных пагадненняў, каб Менск актыўна інтэграваўся ў агульнаеўрапейскі працэсы.
- Крымінальную справу супраць пяці супрацоўнікаў «Прэс-клуба Беларусь» перадалі ў Следчы камітэт. Адвакатаў падазроных ужо сёння выклікалі на допыты. Пра гэта ў сваім Фэйсбуку паведаміла Аляксандра Слуцкая, дачка кіраўніцы «Прэс-клуба» Юліі Слуцкай.
- Генадзь Шутаў быў забіты стрэлам у патыліцу 11 жніўня ў Берасці. Некалькі дзён ён правёў у мясцовай рэанімацыі, затым яго на верталёце даставілі ў ваенны шпіталь у Менску. Шутаў памёр 19 жніўня. Сведку смерці Генадзя Шутава, Аляксандра Кардзюкова, абвінавацілі ў замаху на забойства. Следства па яго справе ўжо завершанае. Калі Аляксандра Кардзюкова ў судзе прызнаюць вінаватым, яму можа пагражаць нават смяротнае пакаранне.
- У панядзелак у Жлобіне пачаліся суды над удзельнікамі страйку 17 жніўня на Беларускім металургічным заводзе: Ігарам Поваравым, Аляксандрам Бабровым і Яўгенам Говарам. Пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту, яны з іншымі рабочымі БМЗ перакрылі дарогу транспарту на заводзе.
- Следчы камітэт адмовіўся выпускаць журналістку Белсата Дарʼю Чульцову пад асабістыя паручальніцтвы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Таксама ў Следчы камітэт накіравалі паручальнцітвы за вызваленне другой журналісткі Белсата – Кацярыны Андрэевай. Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада пасля стрыму з «Плошчы Перамен».
- Берасцеец Андрэй Прыстаўка, інжынер-праграміст, які пафарбаваў валасы ў бела-чырвона-белы колер, атрымаў 15 сутак арышту. Мужчыну асудзілі за адзіночны пікет. Андрэя затрымалі 24 снежня.
- Вядомы спартовы журналіст Сяргей Шчурко пакідае «Прессбол». Пра гэта ён паведаміў у Фэйсбуку. «Прессбол» выдаецца са студзеня 1991 года.
- Міністэрства фінансаў не бачыць праблем з пагашэннем дзяржаўнага доўгу ў 2021 годзе. Па словах міністра фінансаў Юрыя Селівестава, сёлета на пагашэнне дзяржаўнай пазыкі выдаткавалі каля 6,5 млрд рублёў, у наступным годзе выдзяляць амаль 5 млрд.
- Нацыянальны банк Украіны не дазволіў прадаваць мясцовы «БТА Банк» беларускаму бізнесоўцу Мікалаю Варабʼю, які трапіў у «чорны спіс» Еўрасаюза. У санкцыйны спіс Еўрасаюза ён патрапіў за сувязь сваіх бізнесаў з рэжымам Лукашэнкі.
- У Беларусі яшчэ два чалавекі прызнаныя палітвязнямі: журналіста інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргея Гардзіевіча затрымалі 22 снежня па дарозе з Драгічына ў Берасце, былога міліцыянта Дзмітрыя Кулакоўскага затрымалі 4 снежня, калі ён спрабаваў выехаць за мяжу. 25 снежня Гардзіевіча перавялі пад хатні арышт, Кулакоўскі знаходзіцца ў жодзінскім ізалятары. На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца ўжо 169 палітвязняў.
- Беларуска Наіда Абановіч перамагла ў другім сезоне шоў La Voz Senior. Гэта гішпанскі аналаг тэлевізійнага конкурсу «Голас 60+».