Радыё Ўнэт | беларускае радыё ў Польшчы
By Радыё Ўнэт
Нас можна слухаць на хвалях Радыё Ўнэт у Варшаве (87,8), Кракаве (95,2), Вроцлаве (96,8), Беластоку (103,9), Лодзі (106.1), Быдгашчы (104.4). Слухайце нас таксама ў інтэрнэце на wnet.fm.
Радыё Ўнэт | беларускае радыё ў Польшчы Jan 17, 2023
Марыя Грыц/13.03.2024
«Будуй сваё» – так называецца другі сезон праекту «Новай Беларусі» па лічбавым самакіраванні. У ім беларусы і беларускі замежжа скідваюцца падаткамі і дзеляцца ідэямі, а потым самі вырашаюць, якую з прапановаў варта рэалізаваць. Летась у пілотным праекце паўдзельнічала 265 нашых суайчыннікаў. Разам яны сабралі 47 тысяч еўра.
Пра новы сезон праекту, у якім змогуць паўдзельнічаць беларусы з усяго свету, паразмаўляем з госцяй радыё «Ўнэт», прэсавай сакратаркай «Новай Беларусі» Марыяй Грыц.
Ян Давід Голанд/12.03.2024
Ян Давід Голанд -- немец, які закахаўся ў Нясвіж і стаў класікам беларускай музыкі. Cваю музычную кар’еру `y пачынаў у Гамбургу, але на пачатку 1780-х гадоў жыццё закінула яго ў Нясвіж. Гэты беларускі горад стаў для кампазітара другой радзімай, дзе ён правёў большую частку свайго жыцця і здзейсніў выдатныя творчыя задумы. Адна з іх, напрыклад – стварэнне першай нацыянальнай беларускай оперы “Агатка, або Прыезд пана”. Кампазітару і яго творам прысвечана праграма Аліны Крамко.
Вольга Скрашчук/09.03.2024
Больш за 8000 жанчын трапілі пад палітычны пераслед у Беларусі са жніўня 2020 года. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Як мінімум 171 палітзняволеная зараз знаходзіцца за кратамі. Пра тое, у якіх умовах выжываюць жанчыны ў беларускіх турмах, што дае ім сілы і надзею, паразмаўлялі з госцяй радыё «Ўнэт», былой палітзняволенай Вольгай Скрашчук
Аляксандр Фрыдман/05.03.2024
Афіцыйная прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава заявіла, што перахопленыя перамовы нямецкіх афіцэраў паказалі незавершанасць дэнацыфікацыі Германіі. 38-хвілінны аўдыёзапіс, на якім "высокапастаўленыя афіцэры Бундэсвера" абмяркоўваюць магчымасць удараў па Крымскім мосце ракетамі TAURUS апублікавала 1 сакавіка галоўная рэдактарка расійскага дзяржаўнага тэлеканала RT Маргарыта Сіманьян. Міністэрства замежных спраў РФ запатрабавала ад Нямеччыны тлумачэнняў. Пры гэтым канцлер Германіі Олаф Шольц раней неаднаразова заяўляў пра адмову пастаўляць Украіне ракеты TAURUS.
Як у самой Германіі ўспрымаюць заявы Расіі, скандал з запісамі размоваў афіцэраў ў руках расійкіх спецслужбаў і як ставяцца да паставак ракет ва Украіну радыё Ўнэт пракаментаваў беларускі палітолаг Аляксандр Фрыдман.
Тры казкі Максіма Танка | Казкі для дачушкі/04.03.2024
Максім Танк — адзін з лепшых беларускіх казачнікаў другой паловы 20 ст. У яго шмат дзівосных паэтычных казак для дзяцей рознага ўзросту. Мы падрыхтавалі яго шэдэўры: “Галінка і верабей”, “Конь і леў”, “Жук і слімак”. Цудоўныя вясёлыя, вострасюжэтныя творы на ўсе часы. Слухайце, глядзіце, натхняйцеся!
Вольга Вялічка/01.03.2024
Псіхолаг Вольга Вялічка некалькі год працуе з дзецьмі палітвязняў. У сваёй кнізе «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме», яна распавядае як дзеці палітзняволеных перажываюць расставанне з роднымі.
Арцём Шышкоў/29.02.2024
Ён кажа, што любіць усё, што ён робіць, і засяроджана дадае: «У мяне проста няма выбару». І гэта – чыстая праўда. Пару гадоў таму Арцём Шышкоў перажыў працяглы творчы крызіс. Ён не кранаўся сваёй скрыпкі шэсць месяцаў, і справа была не толькі ў парэзаным сухажыллі на руцэ: у нейкі момант стала незразумела, куды і навошта ісці. Але музыкам узроўню Шышкова жыццё і сапраўды не пакідае выбару. І менавіта таму мы ізноўку можам захапляцца дарам гэтага Артыста.
Інэса Балоціна/28.02.2024
Міжнародны лідар сертыфікацыі ў сферы ляснойгаспадаркі – FSC (Forest Stewardship Council), чые знакі якасці стаяць на мэблі, вырабленай у турмах Беларусі, палітычнымі зняволенымі, з прымяненнем катаванняў, атрымаў патрабаванне расследаваць абставіны выдачы сертыфікатаў.
Што такое лясная сертыфікацыя і чаму адпаведныя дакументы атрымлівалі турмы і прадпрыемствы, звязаныя з Лукашэнкам, радыё Ўнэт пракаментавала экаактывістка і шматгадовая ўдзельніца грамадскага назірання за лясной сертыфікацыяй у Беларусі Інэса Балоціна.
Анатоль Котаў/28.02.2024
"Пайду, пайду, пайду!" – так Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Пры гэтым усяго праз некалькі хвілін ён назваў сябе "сыходзячым" прэзідэнтам. Пра тое, навошта "сыходзячаму прэзідэнту" яшчэ адна электаральная кампанія, ці варта дэмсілам рыхтавацца да наступных выбараў і што будзе з "прэзідэнтам-электам" Святланай Ціханоўскай пасля таго, як скончыцца яе народны мандат, паразмаўляем з палітолагам Анатолем Котавым.
Аляксей Стэцэнка/23.02.2024
10 гадоў таму, 20 лютага 2014 Расія распачала ваенную дыверсію супраць Украіны. Менавіта гэта дата з’явілася на расійскім медалі «За вяртанне Крыма». Можна лічыць, што менавіта з гэтага моманту Крэмль абвясціў вайну Украіне.
Пра тое, які шлях за гэты час прайшло ўкраінскае грамадства і як расійская прапаганда рыхтавала інфармацыйную глебу для вайсковага ўварвання, абмяркуем з журналістам праекту «Вот так» Аляксеем Стэцэнкам.
Алеся Каролік, Дзень роднай мовы
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Калі верыць афіцыйным даным, у нашай краіне беларускую мову лічаць роднай крыху больш за 60% насельніцтва. Прычым дома па-беларуску размаўляе менш за траціну нашых суайчыннікаў. Пра тое, як заахвоціць беларусаў размаўляць на сваёй мове, абмяркуем з суарганізатаркай курсаў «Мова Нанова з Варшавы» Алесяй Каролік.
Андрэй Новік/20.02.2024
На Еўрапейскім кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю назвалі пераможцаў беларускай кінапрэміі «Чырвоны верас». Яе журы ацэньвалі ўсё лепшае, што з'явілася ў нашым кіно за апошнія некалькі гадоў. Адразу некалькі ўзнагарод забрала «Ператрымка» – першы эпізод белсатаўскага серыялу «Працэсы». Галоўную ролю – амапаўца Мікалая – у альманаху сыграў Андрэй Новік. Яго бліскучую акцёрскую работу ацанілі і гледачы, і кінакрытыкі, прысудзіўшы Новіку перамогу ў намінацыі «найлепшы акцёр».
Андрэй Янушкевіч/20.02.2024
Самы вядомы беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч адкрыў у Варшаве сваю кнігарню, і гэта – галоўная кніжная навіна апошніх тыдняў. Прыгожая і надзвычай чаканая беларускімі чытачамі падзея супала з дзесяцігоддзем выдавецтва.
Яўген Мачалаў/16.02.2024
З журналістам-аглядальнікам «Білорусько-українськага спостерігача» Яўгенам Мачалавым абмеркавалі, ці зможа Трамп прымусіць Зяленскага і Пуціна да перамоў, навошта ў Беларусі абвясцілі «контртэрарыстычную аперацыю» на мяжы з Украінай і ці не стала адстаўка Залужнага падарункам расійскай прапагандзе ў разгар вайны.
Аляксандра Ананьева: «Speed dating» у Варшаве
«Speed dating» альбо «хуткія спатканні» - гэта сучасны спосаб знаёмстваў, у якім удзельнікі абмежаваную колькасць часу камунікуюць з кожным з патэнцыйных партнёраў. Акрамя таго сярод мігрантаў запатрабаваны speed friending сустрэчы, на якіх можна знайсці сяброў. Як выглядаюць "хуткія спатканні", хто на іх прыходзіць і ці сапраўды там можна знайсці сваю палову, паразмаўляем з арганізатарам speed dating вечарын у Варшаве Аляксандрай Ананьевай.
Аляксандра Шапаліна: чаму не зарэгістравалі Надзеждзіна?/09.01.2024
Праціўніка вайны Барыса Надзеждзіна не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты Расіі. Цэнтральная выбарчая камісія прызнала несапраўднымі 9 са 105 тысяч подпісаў у падтрымку апазіцыянера. Гэта і стала фармальнай прычынай яго адхілення ад прэзідэнцкай гонкі. Палітык заявіў, што адмова ў рэгістрацыі стала для яго чаканым рашэннем і заклікаў паплечнікаў не апускаць рукі.
Пра тое, чаму Крэмль не дапусціў Надзеждзіна да выбараў, ці зможа апазіцыйны палітык вывесці пратэстны электарат на вуліцы і за каго будуць галасаваць расейцы, якія не падтрымліваюць вайну, паразмаўляем з рэдактаркай праекту «Вот так» Сашай Шапалінай.
Дар'я Гардзейчык: Віленскі ўніверсітэт vs Гродзенскі ўніверсітэт/08.02.2024
У 2020 годзе Дар’я Гардзейчык была вымушана пакінуць Беларусь, а разам з ёй і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе яна вывучала філалогію. Новай alma mater для Дар’і стаў Віленскі ўніверсітэт, які якраз у гэты час адкрыў стыпендыю для беларусаў. Праз тры з паловай гады дзяўчына атрымала дыплом маркетолага.
Пра тое, чым адрозніваецца адукацыя ва ўніверсітэтах Гродна і Вільні, якія магчымасці дае статус студэнта Віленскага ўнівесітэта і як праходзіць выпускны ў адной з найстарэшых навучальных устаноў Еўропы, Дар’я Гардзейчык расказала радыё Ўнэт.
«Паданні старога месца»: Алена Вахрамеева і Сяргей Беркутаў/07.01.2024
«Паданні старога месца» – так называецца серыя аўдыёпаткастаў пра гістарычныя і культурныя асаблівасці Беларусі. Аўтары праекту журналісты Сяргей Беркутаў і Алена Вахрамеева кажуць, што іх мэта – захаванне і шанаванне беларускай культурнай спадчыны. У падкастах можна паслухаць беларускія легенды, створаныя і апрацаваныя айчыннымі пісьменнікамі. А агучваюць беларускія міфы – культурныя дзеячы, якія падтрымалі народныя пратэсты ў жніўні 2020 года.
Гучыць "Скарынаўка"/06.01.2024
У апошні дзень студзеня ў варшаўскім касцёле святога Аляксандра адбылася вялікая падзея. Беларусы ўпершыню пачулі духоўныя творы кампазітара Міколы Куліковіча. Яго музыку ў перакладах айца Аляксандра Надсана выконваў беларускі Concordia Choir пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай. Менавіта яна і прывезла ў Варшаву ўнікальныя партытуры лонданскіх архіваў знакамітай «Скарынаўкі».
«Свая мова»: паслухайце, як гучаць падляшскія гаворкі/30.01.2024
Падляшша… Цягам стагоддзяў на гэтым абшары суседнічалі самыя розныя плямёны, што паўплывала і на структуру рэгіёну і, канечне,на яго моўную сітуацыю. Чыжы, Дубічы Царкоўныя, Орля, Гайнаўка і Белавежа – у штодзённым жыцці жыхары гэтых мясцовасцей карыстаюцца сваімі дыялектамі, гаворкамі, сваімі «гварамі».
Ірына Мышкавец пра бібліятэку "Чытальня"/29.01.2024
У Цэнтры беларускай салідарнасці і культуры ў Вільні адкрылася беларуская бібліятэка «Чытальня». Гэта першая рэалізаваная ідэя праекту «Новай Беларусі» па лічбавым самакіраванні.
Пра тое, ці шмат людзей сёння чытае папяровыя кнігі, у чым адметнасць новай бібліятэкі і колькі грошай пайшло на яе адкрыццё, паразмаўляем з госцяй Радыё Ўнэт, стваральніца праекту «Чытальня» Ірынай Мышкавец.
Кінафестываль "1084. На мяжы"
Ва ўкраінскім Тэрнопалі некалькі дзён праходзіў рэгіянальны этап беларуска-ўкраінскага фестывалю дакументальнага кіно “1084. На мяжы”. 1084 кіламетры складае супольная мяжа Беларусі і Украіны. Таму менавіта такую назву выбралі для фестываля.
Выстава ў Тэрнопалі/25.01.2024
У Тэрнопалі адкрылася выстава мастачак трох краін. Полька Інга Дашык не змагла прыехаць на выставу. Украінка Катэрына Каліснык імкнулася паказаць культурныя традыцыі і наратывы светапогляду, а беларуска Ганна Кудзіна адлюстравала ў сваіх творах палітычнае змаганне і трагедыю беларусаў апошніх гадоў.
Андрэй Стрыжак /24.01.2024
Беларускія сілавікі ў адным са сваіх каналаў паведамілі, што яны нібыта атрымалі доступ да спісаў людзей, якія данацілі ў фонд салідарнасці BySol і на гэтай падставе праводзяць самы маштабны ператрус. Мы папрасілі Андрэя Стрыжака пракаментаваць сітуацыю.
Аляксандр Казак/24.01.2024
Ці варта Захаду рыхтавацца да поўнамаштабнай вайны з Расіяй, якую ролю ў патэнцыйным канфлікце можа адыграць Беларусь і ў чым адметнасць новай ваеннай дактрыны Лукашэнкі, паразмаўляем з палітолагам, спецыялістам у нацыянальнай бяспецы Аляксандрам Казаком.
“Invictus 1863”/23.01.2024
Праз паўгады пасля стварэння ў Беластоку клуба гістарычнай рэканструкцыі адбылася яго прэзентацыя. Прымеркавалі яе да пачатку Студзеньскага паўстання 1863-1864 гадоў, вядомага беларусам як "Паўстанне Каліноўскага". У хабе “Новая зямля” ўдзельнікі клуба прадсталі са зброяй і ў адзенні паўстанцаў таго перыяду і заклікалі далучацца да сваіх шэрагаў.
"Касары"/23.01.2024
"Касары"-- гурт, які адраджае ў Варшаве ўнікальную спеўную традыцыю беларусаў. Пабывалі на іх рэпетыцыі.
Канферэнцыя “Джыджытал для эмігрантаў у Польшчы”/23.01.2024
Канферэнцыя была арганізавана анлайн-школай ІТ і маркетынга К2 і праводзілася ў афлайн і анлайн-фармаце. Прагучала, што Польшча істотна адстае ў выкарыстанні ІТ- і лічбавых тэхналогій ад Беларусі, але пераезд вялікай колькасці дасведчаных спецыялістаў, засваенне эмігрантамі новых спецыяльнасцей можа хутка змяніць сітуацыю. Чаму абяцаюць навучыць--слухайце ў нашым рэпартажы.
Мова Нанова/22.01.2024
Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» адзначаюць 10-годдзе. Гэта адбываецца ў складаных умовах, калі і мноія выкладчыкі, і шмат хто са слухачоў мусіцлі ўцякаць з краіны, а саму ўстанову, якая ладзіла курсы, улады ліквідавалі. Тым не менш, «Мова Нанова» зараз сустракаюць беларусаў шмат у якіх гарадах і краінах і працягваюць карыстацца папулярнасцю. Распавядае суарганізатарка курсаў у Варшаве Алеся Каролік.
Акцыя салідарнасці ў Беластоку з рэпрэсаванымі дзеячамі культуры/21.01.2024
Беларусы прыйшлі да Генеральнага консульства РБ у Беластоку, каб выказаць сваю салідарнасць са зняволеннымі музыкамі гуртоў Tor band і Nizkiz, а таксама іншымі дзеячамі культуры, якіх пераследуе рэжым Лукашэнкі. Яны патрабавалі вызвалення ўсіх палітвязняў і казалі аб важнасці культуры ў жыцці народа.
Вадзім Кабанчук, тур Палка Каліноўскага па Еўропе/20.01.2024
Кіраўніцтва Палка імя Кастуся Каліноўскага ў нядзелю пачынае шэраг сустрэч з беларусамі ў розных гарадах Еўропы. Асноўныя мэты гэтага туру радыё Ўнэт патлумачыў намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук.
Аіда Абдрахамава, пратэсты ў Башкартастане/19.01.2024
У Башкартастане пачалі з’яўляцца заклікі сабрацца на акцыю пратэсту ў сталіцы рэспублікі. Да гэтага пратэсты праходзілі толькі ў невялікім горадзе Баймак за 400 км ад Уфы. Далучацца да акцый пратэсту запрашаюць і жыхароў іншых нацыянальных рэспублік Расійскай Федэрацыі.
Наколькі моцнае жаданне нерасійскіх народаў Расіі вызваліцца з-пад імперскага прыгнёту нам пракаментавала чалец Лігі вольных нацыяў, намесніца прэм'ер-міністра Незалежнага ўраду Татарстана ў выгнанні Аіда Абдрахамава.
Аляксей Кротаў, стачка шахцёраў на "Беларуськаліі"/19.01.2024
19 студзеня адзначаецца Дзень салідарнасці працоўных свабоднай Беларусі. Гэтую дату тры гады таму прапанаваў стачкам «Беларуськалія». 19 студзеня 2021 Вярхоўны суд Беларусі разглядаў касацыйную скаргу салігорскіх шахцёраў. Сябры стачкаму аспрэчвалі рашэнне Мінскага абласнога суда, які прызнаў страйк незаконным. Шахцёры заклікалі працоўных з іншых прадпрыемстваў падтрымаць іх і прыйсці ў суд. Тым, хто не зможа патрапіць на пасяджэнне, стачкам «Беларуськалія» прапанаваў зрабіць фота сціснутага кулака, як сімвала страйку і салідарнасці, і выкласці ў сацсетках з хэштэгам #кулаксолидарности.
Пра салідарнасць працоўных, рэпрэсіі на прадпрыемствах, страйк, трываласць і наіўнасць рабочых, паразмаўляем з сябрам стачкаму «Беларуськалія» Аляксеем Кротавым.
Аляксандр Баль: «На родине моей беда, беда!»/18.01.2024
У 2020 годзе ў беларускім ютубе разляцелася пранізлівае «На родине моей беда, беда!» – песня вядомага беларускага барда Аляксандра Баля. Неўзабаве з Аляксандрам Балем можна будзе сустрэцца ў Варшаве. 27 студзеня ён сыграе вялікі канцэрт у прасторы Scena Chmielna. Напярэдадні выступу мы запісалі з выканаўцам вялікае інтэрв'ю.
Тэатр прыгнечаных/18.01.2024
Ідэя бразільскага тэатральнага рэжысёра Аўгусту Боала, заснавальніка “Тэатра прыгнечаных”, знайшла сваіх паслядоўнікаў у Беластоку сярод беларускай дыяспары. У межах ініцыятывы “Актыўным быць файна” (АБФ) яны ствараюць “Форум тэатр” -- своеасаблівы гурток псіхатэрапеўтычнай самападтрымкі.
"З Украінай у сэрцы": адкрыццё выставы ў Чарнігаве/17.01.2024
У Чарнігаўскім абласным мастацкім музеі імя Р. Галагана адкрылася фотавыстава «З Украінай у сэрцы». Яна распавядае пра беларусаў, якія загінулі ў расійска-ўкраінскай вайне за свабоду Украіны і Беларусі.
Павел Латушка і Яцэк Бжазоўскі/17.01.2024
Пра дапамогу беларускім эмігрантам з легалізацыяй дакументаў, а беларускай меншасці - з фінансаваннем іх няўрадавых арганізацый, ішла гаворка 16 студзеня на сустрэчы ваяводы Падляшша Яцэка Бжазоўскага з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніком па транзіце ўлады ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Паўлам Латушка.
Алена Жываглод: стратэгія на выбарах/17.01.2024
25 лютага ў Беларусі пройдзе так званы «адзіны дзень галасавання»--будуць выбіраць дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў. Падрабязней пра будучы склад парламента, «актыўны байкот» і магчымую легалізацыю выбараў радыё Ўнэт пагаварыла з лідаркай ініцыятывы «Сумленныя людзі» Аленай Жываглод.
Аляксандр Валодзін/16.01.2024
Часта ў каментарах да фатаграфій Аляксандра Валодзіна можна прачытаць, што яго фота нагадваюць кадры з кінафільма. Адчуванне гэтае невыпадковае. «Мне падабаецца здымаць дакументальнае кіно, і фатаграфаваць я пачаў, каб навучыцца будаваць кампазіцыю кадра», – распавядае ў інтэрв’ю фатограф-дакументаліст і самаіранічна дадае, што на яго фотаапараце цяпер 104 000 кадраў, з якіх ён больш за 100 000 сапсаваў. Але Саша толькі на самым пачатку дарогі…
Візіт беларускай дэлегацыі на Падляшша/16.01.2024
Улады Падляшша гатовы падтрымліваць беларускіх бізнесменаў і дзеячаў культуры
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік па транзіце ўлады ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка наведвае Беласток. Напярэдадні адбылася сустрэча з маршалкам ваяводства Артурам Касіцкім.
"Сіндром эмігранта", размова з псіхолагам / 15.01.2024
Як адаптавацца ў эміграцыі, як інтэгравацца ў новую супольнасць і пры гэтым не згубіць сваю беларускую ідэнтычнасць? Такія пытанні паўстаюць, напэўна, перад кожным новым прадстаўніком дыяспары. Хтосьці за мінулыя гады ўжо перажыў свой складаны псіхалагічны час, а для кагосьці ўсё яшчэ наперадзе.
Ганна Янкута "Час Пустазелля"/12.01.2024
«Час пустазелля» – вялікі празаічны дэбют Ганны Янкуты, добра вядомай беларускаму чытачу сваімі вершамі, бліскучымі перакладамі і дзіцячымі гісторыямі пра ката Шпрота. Кніга, жанр якой сама пісьменніца вызначае як «(не)раман», выйшла некалькі месяцаў таму ў выдавецтве «Янушкевіч» і ўжо атрымала нямала станоўчых і кранальных водгукаў.
Наталля Міхаліна Скарынкіна/10.01.2024
Калі вы цікавіцеся жыццём беларускага тэатра ў замежжы, то цалкам верагодна маглі чытаць рэцэнзіі гэтай беларускай аўтаркі. Наталля Міхаліна Скарынкіна піша крытычныя водгукі на спектаклі беларускіх незалежных творцаў, размаўляе з рэжысёрамі, акцёрамі і пісьменнікамі. На кожную больш-менш заўважную тэатральную падзею ў Варшаве беларуска прыязджае з чэшскага Брно, дзе жыве апошнія некалькі гадоў, супрацоўнічае з мясцовымі тэатральнымі выданнямі і займаецца ўласнай драматургічнай творчасцю, з якой, дарэчы, не так даўно пазнаёміла і польскага гледача.
Павел Свярдлоў/10.01.2024
Еўрапейская камісія заклікала Google, Meta ды іншыя буйныя тэхналагічныя кампаніі дапамагчы незалежным беларускім медыя, прасоўваючы іх кантэнт. Справа ў тым, што пашукавікі спачатку выдаюць карыстальнікам інфармацыю ад дзяржаўных медыя, а, каб знайсці артыкулы незалежных СМІ, беларусам даводзіцца патраціць значна больш часу. Пра тое, з якімі выпрабаванні сутыкаюцца беларускія незалежныя медыя ў замежжы і як не стаміць негатыўнай павесткай сваю аўдыторыю, паразмаўлялі з галоўным рэдактарам «Еўрарадыё» Паўлам Свярдловым.
Антон Пянькоўскі. Прэзідэнцкія выбары ў ЗША
Дональд Трамп – «фундаментальная пагроза амерыканскай дэмакратыі». Так у сваёй першай перадвыбарнай прамове 2024 года прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў выбаршчыкаў аб небяспецы, якая пагражае Амерыцы, калі да ўлады вернецца рэспубліканец Трамп.
Пра тое, ці сапраўды амерыканскай дэмакратыі можа хоць нешта пагражаць у залежнасці ад таго, хто кіруе краінай, а таксама чаму дэмакраты і рэспубліканцы ставяць на сёлетніх выбарах на кандыдатаў сталага веку, паразмаўлялі з амерыканісстам, былым супрацоўнікам Амерыканскай амбасады ў Беларусі Антонам Пянькоўскім.
Анатоль Лябедзька: Ясь Гаспадар – гэта кандыдат здаровага беларуса
На парламенцкіх выбарах ў Беларусі апазіцыю будзе прадстаўляць віртуальны кандыдат– Ясь Гаспадар. Зараз вырашаецца, як ён будзе выглядаць і як камунікаваць з выбаршчыкамі. Палітычныя пункты яго праграмы – еўрапейскі выбар Беларусі, Еўрасаюз і НАТА – усё тое, пра што не раскажуць праўладныя кандыдаты.
Жаночы клуб у Беластоку дапамагае пераадолець “сіндром эмігранта”/ 08.01.2024
Тры беларускі -- Ганна, Іна і Марына -- псіхолаг, выкладчыца ёгі і юрыст, якія былі вымушаны пакінуць радзіму, увосень 2023 года арганізавалі ў Беластоку штотыднёвы “Жаночы клуб”. Сустрэчы гэтыя апынуліся цікавымі не толькі для жанчынам, але і для мужчын, якім таксама патрэбна псіхалагічная дапамога для ўладкавання і інтэграцыі на новым месцы.
Наталля Сацункевіч, праваабарончы цэнтр "Вясна"/05.01.2024
Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў звесткі пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны. Асноўныя лічбы і факты агучыла нам праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч.
Сяржук Сыс пра сваю новую кнігу «Dом»/ 05.01.2024
У лонданскім выдавецтве Skaryna Press выйшла новая кніга беларускага паэта Сяржука Сыса «Dом. Паэзія выгнання 2021-2023». Пра тое, што ўвайшло ў зборнік і як стваралася кніга распавядае аўтар.
Наталля Васілевіч пра навэлы заканадаўства ў сферы рэлігійных арганізацый /05.01.2024
Беларускія ўлады значна ўскладнілі жыццё вернікам. У чацвер Лукашэнка падпісаў закон, якім ўнесены папраўкі ў заканадаўства аб дзейнасці рэлігійных арганізацый. Напрыклад, сталі больш жорсткімі патрабаванні да іх рэгістрацыі, кіраўнікамі рэлігійных аб’яднанняў не могуць быць тыя, хто па меркаванні ўлад датычны да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а цэрквам забаронена займацца дзейнасцю палітычнай. Навэлы заканадаўства Уладзіміру Лапцэвічу пракаментавала тэолаг, эксперт у галіне рэлігіі, палітыкі і праваабароны Наталля Васілевіч.